Беларускі
<< beАб вылячэнні
Імя Тваё — маё вылячэнне, о мой Божа, і ўспамін пра Цябе — маё лякарства. Блізкасць да Цябе — надзея мая, а любоў да Цябе — мая спадарожніца. Твая міласэрнасць да мяне — маё вылячэнне і дапамога як у гэтым свеце, так і ў свеце наступным. Ты, сапраўды, Найшчодры, Той, Хто ўсё ведае, Усямудры.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2336 (bpn2336)
Аб дапамозе
О Ты, Чыім тварам я захапляюся, Чыя прыгажосць — свяцілішча маё, Чыё прыстанішча — мая мэта, Чыя хвала — мая надзея, Чыё наканаванне — мой спадарожнік, Чыя любоў — прычына быцця майго, Чыё ўпамінанне— маё суцяшэнне, Чыя блізкасць — мая прага, Чыя прысутнасць — найдаражэйшае жаданне і найвышэйшае імкненне маё; малю Цябе, — не адмаўляй мне ў тым, што вызначыў Ты для выбраных сярод слугаў Тваіх. Надзялі мяне дабром гэтага свету і будучага.
Ты, сапраўды, Цар усіх людзей. Няма Бога, акрамя Цябе, Таго, Хто заўсёды выбачае, Найшчодрага.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2337 (bpn2337)
Аб навучанні Веры
О мой Божа, дапамажы слузе Твайму ўзвысіць Слова, абвергнуць марнае і лжывае, устанавіць ісціну, шырока распаўсюдзіць святыя вершы, адкрыць веліч і даць ранішняму святлу ўзысці ў сэрцах праведных.
Ты, сапраўды, Шчодры. Ты Той, Хто выбачае.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2339 (bpn2339)
Ахова
Хай будзе ўсхвалена імя Тваё, о Госпадзе, о мой Божа! Малю Цябе імем Тваім, праз якое прабіў час, і адбылося Уваскрэсенне, і страх, і трымценне ахапілі ўсіх, хто ёсць у нябёсах і на зямлі — пралі з нябёсаў Тваёй міласэрнасці і аблокаў Твайго пяшчотнага спачування тое, што ўзрадуе сэрцы слугаў Тваіх, якія звярнуліся да Цябе і дапамаглі Справе Тваёй.
Зберажы слугаў Тваіх і Тваіх служанак, о мой Госпадзе, ад джалаў марнага летуцення і дарэмных уяўленняў і дай ім з рук Тваёй міласці глыток павольнай плыні Тваіх ведаў.
Ты, сапраўды, Усемагутны, Найузвышаны. Ты заўсёды выбачаеш. Ты Найшчодры.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2335 (bpn2335)
Блаславёны
Благаславёны куточак, і дом, і месца,і горад, і сэрца, і гара,і прытулак, і пячора, і лагчына, і зямля,і мора, і выспа, і луг,дзе Бога ўпамянулі і ўсхвалілі Яго.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2326 (bpn2326)
Выпрабаванні і цяжкасці
Хто пазбаўляе ад цяжкасцяў, акрамя Бога? Скажы: усхвалены будзь Бог! Ён ёсць Бог! Усе слугі Яго і ўсе выконваюць Яго загады.
– Báb
Prayer bpn2338 (bpn2338)
Вячэрняя
О мой Божа, мой Гаспадар, Мэта імкнення майго! Твой слуга шукае сну ў прытулку Тваёй міласэрнасці і спачыну пад полагам Ласкі Тваёй, молячы пра клопат Твой і Тваю абарону.
Прашу Цябе, о Гасподзь мой, нядрэмным вокам Сваім ахоўвай мой позірк, каб не бачыць мне іншага, акрамя Цябе. Узмацні праніклівасць вачэй маіх, каб распазнаць ім знакі Твае і ўгледзець Небасхіл Твайго Адкравення. Ты ёсць Той, перад выяўленнямі ўсемагутнасці Якога трымціць самая сутнасць сілы.
Няма Бога, акрамя Цябе, Усемагутнага, Усёпераможнага, Неабмежаванага.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2329 (bpn2329)
Духоўныя якасці
Ствары ўва мне чыстае сэрца, о мой Божа, і сумленне спакойнае ўва мне аднаві, о Надзея мая! Духам сілы сцвердзі мяне ў Справе Тваёй, о Найлюбасны мой, і святлом славы Тваёй адкрый мне Твой шлях, о Ты, Мэта імкнення майго! Сілаю Тваёй бязмежнай моцы ўзнясі мяне да нябёсаў святасці Тваёй, о Выток майго быцця, і павевамі вечнасці Тваёй узрадуй мяне, о Ты, Хто ёсць мой Бог! Хай мне навеюць спакой несціханыя напевы Твае, о мой Спадарожнік; хай скарбы Твайго спрадвечнага аблічча вызваляць мяне ад усяго, акрамя Цябе, о мой Гаспадар, і хай прынясуць мне радасць весткі аб адкрыцці нятленнай Сутнасці Тваёй, О Ты, Хто ёсць з яўных найяўнейшы, найпатаемнейшы з патаемных!
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2334 (bpn2334)
За бацькоў
Прашу Твайго выбачэння, о мой Божа, і малю аб дараванні адпаведна таму, як Ты жадаеш слугам Тваім звяртацца да Цябе. Прашу Цябе змыць грахі нашы, як належыць уладарству Твайму, і прабач мяне, маіх бацькоў і тых, хто па Тваім меркаванні ўвайшоў у пакоі любові Тваёй, як адпавядае бязмежнаму панаванню Твайму і славе Тваёй нябеснай моцы.
О мой Божа! Ты натхніў душу маю ўзнесці маленні да Цябе, і каб ні Ты, я не звярнуўся б да Цябе. Усхвалены Ты і праслаўлены; я ўсхваляю Цябе, таму што Ты адкрыўся мне, і прашу дараваць мне, таму што нестае мяне на здзяйсненне абавязку пазнаваць Цябе і не здолеў я ісці шляхам Тваёй любові.
– Báb
Prayer bpn2340 (bpn2340)
За будучых маці
Мой Госпадзе! Мой Госпадзе! Усхваляю Цябе і дзякую за тое, чым Ты адарыў Тваю пакорлівую служанку, Тваю рабу, якая моліць і просіць Цябе, таму што Ты, сапраўды, накіраваў яе ў Твае яўнае Царства і даў ёй пачуць Твой узвышаны Покліч у гэтым непрадказальным свеце і ўгледзець Знакі Твае, што пацвярджаюць з’яўленне Твайго пераможнага панавання над усімі рэчамі.
О мой Госпадзе, я прысвячаю тое, што ў маім улонні, Табе. Дай жа яму стаць вартым пахвалы дзіцём у Тваім Царстве, шчаслівым, дзякуючы Тваёй прыхільнасці і шчодрасці Тваёй; і дай яму развівацца і расці пад апекай Тваёй адукацыі. Сапраўды, Ты Літасцівы! Сапраўды, Ты Гасподзь Вялікай Міласці!
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2341 (bpn2341)
За дзяцей і моладзь
О Ты, Госпадзе добры! Цудоўныя дзеці гэтыя — тварэнне рук Тваёй магутнасці і дзівосныя знакі Тваёй велічы. О Божа! Абарані гэтых дзяцей, літасціва дапамажы іх адукацыі і дай ім паслужыць свету людзей. О Божа! Дзеці гэтыя — перлы, хай будуць яны выпешчаныя ў жамчужніцы Твайго пяшчотнага клопату.
Ты ёсць Шчодры, Усёлюбячы.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2331 (bpn2331)
За моладзь
О Госпадзе! Зрабi прамянiстай гэту юную iстоту i адары шчодрасцю Тваёй гэтае слабае стварэнне. Надзялі яго ведамi, дазволь яму штозолку набываць сiлы i ахоўвай яго ў прытулку Тваёй абароны, каб вызваліцца яму ад памылковых поглядаў, прысвяцiць сябе служэнню Справе Тваёй, накіроўваць тых, хто заблудзіўся, весці няшчасных, вызваляць заняволеных i абуджаць нядбайных, каб усе былi дабраславёныя Тваім упамінаннем i хвалою. Ты Магутны i Моцны.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2333 (bpn2333)
За нябожчыкаў
О мой Божа! О Ты, Хто выбачае грахі, надзяляе дарамі, развейвае смутак! Сапраўды, я малю Цябе дараваць грахі тым, хто пакінуў цялеснае ўбранне свае і ўзнёсся да свету духоўнага.
О мой Госпадзе! Ачысці іх ад грахоў, развей іх журботы, ператвары іх цемру ў святло. Дай ім увайсці ў сад шчасця, абмый іх найчысцейшаю вадою і дазволь ім сузіраць веліч Тваю на самай узвышанай гары.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2342 (bpn2342)
Кароткая абавязковая малітва
(Творыцца штосуткі паміж поўднем і захадам сонца)
Я сведчу, о мой Божа, што Ты стварыў мяне, каб я спазнаў Цябе і пакланяўся Табе. Сведчу ў гэты час пра немач сваю і Тваю моц, пра беднасць сваю і Тваё багацце.
Няма іншага Бога, акрамя Цябе, Памочніка ў небяспецы, Самаіснага.
– Bahá’u’lláh
Short Obligatory Prayer (BH11209) «العربية» «Chamorro» «Afrikaans» «বাংলা» «Català» «Deutsch» «Dansk» «Frysk» «Esperanto» «English» «Azərbaycan» «Papiamentu» «Česky» «Français» «Nederlands» «Bosanski» «አማርኛ.» «български» «Slovensky» «Corsica» «Cymraeg» «Vanuatu» «Português (BR)»
Пасланне аб наведванні
Гэтую малітву адкрыў Абдул-Баха. Яна чытаецца ў Яго Усыпальні. Таксама яна прыдатная і для асабістай малітвы.
Абдул-Баха кажа: “Хто б ні прамаўляў гэтую малітву са сціпласцю і запалам, прынясе задавальненне і радасць сэрцу гэтага слугі; гэта будзе нібыта сустрэча з Ім твар у твар”.
Ён Усяслаўны!
О Божа, мой Божа! Сціплы і поўны слёз, я ўздымаю свае ўмольныя рукі да Цябе і пасыпаю свой твар пылам Твайго Парога, што ўзвышаны над ведамі дасведчаных і хвалою ўсіх, хто славіць Цябе. Літасціва паглядзі на Твайго слугу, пакорнага і сціплага каля Тваіх дзвярэй, позіркам вока Тваёй міласэрнасці і акуні яго ў Акіян Тваёй векавечнай міласці.
Госпадзе! Бедны і сціплы слуга Твой, які зачараваны Табой і моліць Цябе, нявольнік у Тваёй руцэ, палымяна молячы Цябе, давяраючы Табе, у слязах перад лікам Тваім, заклікаючы і ўмольваючы Цябе, гаворыць:
О Госпадзе, мой Божа! Дай мне Тваёй міласці служыць тым, каго Ты любіш, умацуй маю залежнасць ад Цябе, азары маё аблічча святлом захаплення ў Тваім двары святасці і святлом малітвы Твайму Царству велічы. Дапамажы мне быць самаадданым каля нябеснага ўваходу ў Тваю браму і вызваліцца ад усяго ў Тваіх свяшчэнных межах. Госпадзе! Дай мне піць з келіха бескарыслівасці; апрані мяне ў яе адзенне і акуні мяне ў яе акіян. Зрабі мяне падобным да пылу на шляху тых, каго Ты любіш, і дазволь мне ахвяраваць сваю душу зямлі, якой надалі высакароднасць сляды выбраннікаў Тваіх на Тваім шляху, о Гасподзь славы ў Вышніх!
З гэтай малітвай Твой слуга звяртаецца да Цябе на золку і ў начны час. Здзейсні жаданне ягонага сэрца, О Госпадзе! Азары ягонае сэрца, узрадуй ягоную душу, запалі ягонае святло, каб ён мог служыць Справе Тваёй і Тваім слугам.
Ты Той, Хто надзяляе, Спагадлівы, Найшчодры, Літасцівы, Міласцівы, Спачувальны.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2346 (bpn2346)
Паўночная
О шукальнік Ісціны! Калі жадаеш, каб Бог адкрыў вока тваё, ты павінен прасіць Бога, маліцца Яму і шчыра размаўляць з Ім апоўначы, гаворачы:
О Госпадзе, я звярнуў свой твар да Твайго Царства Адзінства і паглыбіўся ў мора Тваёй міласэрнасці. О Госпадзе, прасвятлі мой зрок сузіраннем Тваіх агнёў у гэтае цёмнае ночы і зрабі мяне шчаслівым ад віна Тваёй любові ў гэты цудоўны век. О Госпадзе, дай мне пачуць Твой покліч і расчыні перад тварам маім дзверы нябёсаў Тваіх, каб убачыць мне святло Славы Тваёй і стаць прывабленым да Тваёй Прыгажосці.
Сапраўды, Ты Той, Хто дае, Шчодры, Міласэрны, Той, Хто выбачае.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2330 (bpn2330)
Пра кіраўніцтва
О Божа, накіроўвай мяне, абараняй мяне, зрабі мяне светачам яркім і зіхатлівай зоркай! Ты Магутны і Моцны.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2332 (bpn2332)
Пра сустрэчы
О Ты, добры Госпадзе! Вось слугі Твае, што сабраліся на гэтую сустрэчу, звярнуліся да Твайго Царства, і патрэбны ім Твае дары і дабраславенні. О Божа! Праяві і зрабі яўнымі знакі Твайго адзінства, якія былі змешчаныя ва ўсіх сутнасцях жыцця. Адкрый і разгарні дабрадзейнасці, якія Ты зрабіў прыхаванымі і ўтоенымі ў гэтых чалавечых існасцях.
О Божа! Мы як расліны, а шчодрасць Твая падобна да дажджу, ажыві расліны гэтыя і дай ім вырасці праз дары Твае. Мы слугі Твае, вызвалі нас ад кайданоў матэрыяльнага існавання. Мы недасведчаныя – зрабі нас мудрымі. Мы мёртвыя – ажыві нас. Мы матэрыяльныя – надзялі нас духам. Мы абяздоленыя – дай нам спазнаць Твае тайны. Мы ў нястачы – узбагаці і благаславі нас з Тваёй бязмежнай скарбніцы. О Божа! Уваскрасі нас, дай нам зрок, дай нам слых, азнаёмь нас з таямніцамі жыцця, каб сакрэты Царства Твайго маглі адкрыцца нам у гэтым свеце існавання і каб мы маглі спавядаць Тваё адзінства. Кожны дар паходзіць ад Цябе, кожнае дабраславенне Тваё ёсць.
Ты магутны. Ты моцны. Ты Падаўца і Ты Вечнашчодры.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2345 (bpn2345)
Пра шлюб
Ён Той, Хто надзяляе, Шчодры.
Хвала Богу, Спрадвечнаму, Вечнаіснуючаму, Нязменнаму, Адвечнаму! Ён, Хто сведчыць у Сваёй Сутнасці, што, сапраўды, Ён Адзін, Адзіны, Той, для Каго не існуе перашкодаў, Узвышаны. Мы сведчым, што, сапраўды, няма Бога, акрамя Яго, прызнаваючы і спавядаючы Яго Адзінства. Ён вечна прабывае ў недасягальных вышынях, на вяршынях Сваёй Узвышанасці, асвячоны вышэй за ўпамінанне ўсіх, акрамя Самога Сябе, незалежны ад апісання ўсіх, апроч Сябе.
І калі Ён пажадаў праявіць ласку і дабрадзейнасць да людзей і прывесці свет у парадак, Ён адкрыў прадпісанні і стварыў законы; сярод іх устанавіў Ён закон шлюбу, зрабіў яго падобным да крэпасці дабрабыту і ратавання, і прадпісаў нам яго ў тым, што было паслана з нябёсаў святасці у Яго Наісвяцейшай Кнізе. Ён кажа, Вялікая Слава Яго: “Бярыце шлюб, о людзі, каб ад вас мог з’явіцца той, хто прыгадае Мяне сярод слугаў Маіх; гэта адзін з Маіх запаветаў вам; падпарадкоўвайцеся яму як дапамозе для вас”.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2347 (bpn2347)
Ранішняя
У прытулку Тваім, о мой Божа, абудзіўся я; той жа, хто шукае прытулку гэтага, мусіць знаходзіцца ў Свяцілішчы Тваёй аховы і ў Цвярдыні абароны Тваёй. Азары маю ўнутраную сутнасць, о Гасподзь мой, зіхаценнем Досвітку Твайго Адкравення, падобна да таго, як Ты азарыў маю знешнюю сутнасць ранішнім святлом Тваёй міласці.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2328 (bpn2328)
Хвала і ўдзячнасць
Усякая хвала, о мой Божа, Табе няхай будзе, Хто ёсць выток усякай славы і велічы, сілы і гонару, вярхоўнай улады і панавання, узвышанасці і літасці, глыбокай пашаны і моцы. Каму жадаеш, даеш Ты наблізіцца да Найвялікшага Акіяна, і каму жадаеш, дорыш гонар прызнаць Тваё Найстаражытнейшае Iмя. З усіх тых, хто ёсць у нябёсах і на зямлі, ніхто не можа супрацьстаяць дзеянню Тваёй уладарнай волі. Адвеку правіш ты ўсім стварэннем і Ты будзеш заўжды працягваць уладарыць над усім створаным. Няма іншага Бога, акрамя Цябе, Усемагутнага, Найузвышанага, Усямоцнага, Усямудрага.
Азары, о Госпадзе, твары слугаў Тваіх, каб яны маглі ўгледзець Цябе; ачысці сэрцы іх, каб яны маглі звярнуцца да двара Тваіх нябесных міласцей і прызнаць Таго, Хто ёсць Увасабленне Тваё і Світанне Iснасці Тваёй. Сапраўды, Ты ёсць Гасподзь усіх сусветаў. Няма іншага Бога, акрамя Цябе, Вольнадзейнага, Каму ўсё пакараецца.
– Bahá’u’lláh
Prayer bpn2343 (bpn2343)
Чалавецтва
О Ты, добры Госпадзе! Ты стварыў усё чалавецтва з аднаго роду. Ты загадаў, каб усе належалі да адной сям’i. У Тваёй святой прысутнасцi яны ўсе слугi Твае і ўвесь род людскі ўкрыты пад Тваім Шатром; усе сабраліся за Тваім Сталом Шчодрасці, усе азораны Святлом Твайго Наканавання.
О Божа! Ты добры да ўсiх, Ты даеш сродкі для існавання ўсiм, даеш прытулак усiм, дорыш жыццё ўсім. Усiх і кожнага надзяліў Ты талентамі і здольнасцямі, і ўсе агорнутыя Акіянам Тваёй Міласэрнасці.
О Госпадзе добры! Аб’яднай усіх. Дазволь рэлігіям пагадзіцца і зрабі адным усе народы, каб яны маглі лічыць адзін аднаго адною сям’ёю і ўсю зямлю – адзіным домам. Хай усе яны жывуць у поўнай згодзе.
О Божа! Узвысь сцяг адзінства чалавецтва!
О Божа! Устанаві Найвялікшы Мір!
Змацуй, о Божа, сэрцы разам!
О Ты, добры Ойча, Божа! Узрадуй нашыя сэрцы водарам Тваёй любові! Праясні зрок наш святлом Твайго Кіраўніцтва! Дай нашаму слыху асалоду ад мелодыі Твайго Слова і дай нам усім прытулак у Цвярдыні Твайго Наканавання!
Ты ёсць Магутны і Моцны, Ты Той, Хто выбачае, і Той, Хто не зважае на недахопы ўсяго чалавецтва.
– Abdu’l-Bahá
Prayer bpn2344 (bpn2344)